WWW.DISSERS.RU

БЕСПЛАТНАЯ ЭЛЕКТРОННАЯ БИБЛИОТЕКА

   Добро пожаловать!


Яцкевіч, З Радавод Адама Ганорыя Кіркора ў святле новых архіўных дакументаў / З. Яскевіч // Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны. Вып. 2 / Рэдкал.: С. М. Ходзін (адказ. рэд.) і інш. – Мн.: БДУ, 2005. – С. 84–89.  З. Яцкевіч Радавод Адама Ганорыя Кіркора ў святле новых архіўных дакументаў Вядомы беларускi гiсторык, археолаг, этнограф, лiтаратуразнаўца i выдаўца Адам Ганоры Карлавiч Кiркор добра ведаў гiсторыю свайго роду. Старажытныя каралеўскiя прывiлеi i iншыя дакументы захоўвалiся ў iх ажно з ХVI ст. Гэтыя крынiцы, а таксама родавыя паданнi, даследчык неаднаразова выкарыстоўваў у сваёй навуковай дзейнасцi.

Магчыма, гэта вельмi моцна паўплывала на лёс i творчасць Адама Кiркора. Нягледзячы на тое, што пра славутага вучонага як пры жыццi, так i пасля смерцi было напiсана шмат прац, у тым лiку i бiяграфiчнага характару, да сённяшняга дня няма пэўнасцi нават з датай ягонага нараджэння. Тое самае можна сказаць i аб генеалогii роду, якая мае таксама шмат белых плямаў i нават асобныя вядомыя факты малазнаёмы шырокаму колу чытачоў. Наогул, прозвiшча Кiркор, пэўна, мае цюркамоўнае паходжанне. Кiр, кыр або кырк па-турэцку цi татарску азначае сорак.

Кiкор — сорак мечаў. Не выключана, што падобная вайсковая адзiнка была ў татарскай ардзе.

Найстарэйшы даследчык татараў А. Мухлiнскi згадвае, што ў Крыме, каля Бахчысарая, быў замак Кiркiр цi Кiркор, у якiм, маўляў, была рэзiдэнцыя хана Менглi-Гiрэя (1480—1516), дзе апошнi прымаў паслоў з Вялiкага княства. Падобных сугучных назваў вельмi шмат не толькi ў цюркамоўных краiнах, але i на тэрыторыi ВКЛ. Слова кiрка азначае матыка, прозвiшчы Кiркiн, Кiркiла сустракаюцца ў летувiсаў, вёска Кiрклiшкi ёсць пад Ашмянамi. У нямецкай мове Кiрке азначае храм, якi, дарэчы, вельмi падобна гучыць на дацкай, шведскай, фiнскай i эстонскай мовах.

Кiркапiс у перакладзе з лiтоўскай мовы — могiлкi.

84 На карысць татарскага паходжання Кiркораў сведчаць у першую чаргу даследчыкi гiсторыi i генеалогii татараў А. Мухлiнскi i Ст. Дзядулевiч. Iхнi тэзiс грунтуецца ў асноўным на тым, што талмачамi (перакладчыкамi) у розных пасольствах i дыпламатычных мiсiях ВКЛ на ўсходзе i поўднi звычайна былi лiтоўскiя татары. Па-другое, Мiхал Кiркор у 1790 г. быў палкоўнiкам першага палку лiтоўскай лёгкай кавалерыi ВКЛ, якi, заўважым, складаўся пераважна з лiтоўскiх татараў. Па-трэцяе, Дзмiтры Кiркор у сваёй палiтычнай дзейнасцi ўжываў псеўданiм Татар (1897).

Апошняе магло быць проста пад уплывам паданняў, якiя друкаваў у сваiх працах Адам Кiркор.

Наконт першага i асноўнага тэзiса аб татарскiм паходжаннi роду мусiм заўважыць, што яшчэ пры нашым каралi Жыгiмонце Старым спецыяльна адбiралi i рыхтавалi маладых прадстаўнiкоў шляхты для ўдзелу ў дыпламатычных мiсiях, у тым лiку i ў галiне валодання замежнымi мовамi.

Пры гэтым не абавязкова трэба было быць татарынам. Таму сёння можна паставiць пад сумненне татарскае паходжанне Кiркораў. Заўважым, што нiводны дакумент ХVI ст. не называе Кiркораў татарамi. З гэтага вынiкае, што ўжо тады яны былi хрысцiянскага веравызнання.

Нягледзячы на тое, што род Кiркораў быў вельмi разгалiнаваны, усе прадстаўнiкi карысталiся ўласным гербам «Кiркор». Як сведчыць В. Каяловiч, ужо Павел Кiркор у ХVI ст. меў пячатку з гэтым гербам. Апошнi ўяўляе харугву кшталту гербу Радван, якая абапiраецца на апору ў выглядзе друкаванай кiрылiчнай лiтары П. Звычайна гэтая выява размяшчаецца на чырвоным шчыце, наверсе якога — рыцарскi шлем са шляхецкай каронай, пад якой тры страусавыя пяры.

Адзначым, што герб вельмi рэдкi i акрамя Кiркораў iм карыстаўся яшчэ адзiн род Кiсарэўскiх.

Апошнi, паводле Т. Урускага, з’яўляецца адгалiнаваннем роду Кiркораў i атрымаў сваё прозвiшча ад родавага маёнтка Кiсарэва на Полаччыне.

Пратапластай роду i старэйшага адгалiнавання Кiркораў лiчыцца баярын Павел Кiркор, якi служыў талмачом у каралеўскiх пасольствах да крымскага хана. Згаданы Павел атрымаў красавiка 1568 г. у Гароднi ад вялiкага гетмана i дзяржаўцы магiлёўскага Рыгора Хадкевiча дванаццаць служб пустых у Сухарах цi Сухарэвiчах, як часам гаворыцца ў дакументах, у Магiлёўскай эканомii (цяпер Магiлёўскi раён), да якiх надавалiся 22 падданыя. За гэта ён адпаведна быў абавязаны падчас вайны выставiць трох узброеных вершнiкаў. 30 лiстапада 1569 г.

Павел Кiркор атрымаў падцвярджальны каралеўскi прывiлей на гэтае ўладанне ад Жыгiмонта-Аўгуста. У прывiлеi адзначаецца, што ён доўгi час быў на каралеўскай службе, пабываў у шмат якiх замежных краiнах i ведаў розныя мовы, у прыватнасцi, турэцкую, татарскую, балгарскую, сербскую i iтальянскую. Акрамя гэтага адзначаецца, што ён браў удзел у вайне з Масквой, у бiтве за Смаленск у 1568 г. пад кiраўнiцтвам Фiлона Кмiты-Чарнабыльскага, затым у гэтым жа годзе пад кiраўнiцтвам пана Шалухi, старасты крычаўскага, удзельнiчаў у паходзе ў Смаленскую зямлю, дзе вельмi добра сябе праявiў i прывёў шмат палону, у тым лiку дзяцей баярскiх, якiх падараваў каралю. У 1580 г. Павел атрымаў прывiлей на тры азёры Рудкава за Острскiм замкам у Чэрняхоўскай воласцi. Павел памёр перад 1592 г.

Сын Паўла Ян, зямянiн павету Аршанскага, згадваецца ў актах Магiлёўскага магiстрата за 1579 г. у якасцi сведкi. Ян і Зміцер Кіркоры зафіксаваны сярод шляхты магілёўскага замкавага прысуду ў інвентары за 1604 г. 17 кастрычнiка ён атрымаў падцвярджальны каралеўскi прывiлей ад Жыгiмонта III на маёнтак Сухары, у 1620 г. набыў вёску Канюхова над ракой Аслянкай у Мсцiслаўскiм ваяводстве ў Яна Максiмавiча Еўпатовiча. У 1635 г ён атрымаў лiбертацыю на вызваленне ад падаткаў на дом у Магiлёве (верагодна, на яго імя атрымала ягоная жонка). Разам з жонкай Магдаленай Пашкоўскай меў чатырох сыноў — Астафiя, Аляксандра, Яраша i Паўла.

Павел, зямянiн Аршанскага павета i Мсцiслаўскага ваяводства, атрымаў частку бацькоўскiх уладанняў у Аршансiкм павеце (Сухары) i маёнтак Канюхова, якiя пакiнуў свайму сыну Стэфану i пляменнiку Яну, сыну Аўстафiя. Павел пад кiраўнiцтвам Януша Скумiна-Тышкевiча, ваяводы мсцiслаўскага, удзельнiчаў у вайне са шведамi ў Інфлянтах у 1625 г. У 1633 г. пад камандаваннем Аляксандра Гансеўскага, ваяводы Аляксандра Смаленскага абараняў Смаленск ад маскоўскiх войск Шэйна, у 1654 г. абараняў Мсцiслаў ад маскоўскiх войск, дзе i трапiў у палон, адкуль вярнуўся на бацькаўшчыну толькi ў 1665 г., дзе i памёр праз год.

Ягоны сын Стэфан меў справу ў 1667 г. з Галынскiм у сувязi з нападам на маёнтак Канюхова. У 1671 г. ён разам са сваiм родным братам Самуiлам Кiркорам прадаў шляхцiчам Чарэйскiм часткi маёнткаў у Белай Дуброве, Асаўцы i Лiпаўнiцы ў Аршанскiм павеце. Разам з жонкай Хрысцiнай Асецiмскай пакiнуў дзяцей: дачку Палонiю i сына Мацея. Апошнi быў уладальнiкам спадчыннага маёнтка Канюхова.

У 1700 г. Мацей падпiсаў лаудум (ухвалу) шляхты Мсцiслаўскага ваяводства. Падчас Паўночнай вайны ў 1707 г. даставiў правiянт у Полацк для войскаў расейскага цара Пятра I. Другi раз Мацей быў жанаты на Канстанцыi Гiнбут, з якой меў сыноў Яна i Караля, апошні з якiх меў шэраг судовых спраў наконт маёнтка Канюхова (1752, 1758, 1759 гг.). Дадзены маёнтак ён пакiнуў сваiм сынам ад жонкi Марцыяны Асецiмскай Францу, Юзафу i Мiкалаю, якiя падзялiлi спадчыннае ўладанне 21 лютага 1801 г. Прычым Мiкалай, сын Караля, адрокся ад сваёй часткi бацькоўскага маёнтка Канюхова на карысць брата Франца. Гэты ж Мiкалай быў жанаты на Вiнцэнце Фабрыцыуш i пакiнуў дачку Юзафату i сына Караля. У 1832 г. Мiкалай ужо не жыў.

Караль, сын Мiкалая, нарадзiўся ў 1784 г., быў жанаты на Тэклi, дачцы Марка i Анэлi Валадковiчаў. Ад сваёй жонкi Караль атрымаў у пасаг двух сялян. У 1842 г. ён, будучы ўжо ўдаўцом, валодаў маёнткам Грынеўшчына ў Клiмавiцкiм павеце, якi папярэдне належаў ягонаму стрыечнаму брату Базылю Францавiчу Кiркору з 10 сялянамi i 13 сялянкамi. У 1845 г. ён валодаў ужо 35 падданымi, але ў 1864 г. застаўся без нiякага маёнтка. Караль пакiнуў дзяцей: дачку Тэклю, якая нарадзiлася ў 1824 г., сыноў Аляксандра, якi быў ахрышчаны 5 красавiка 1813 г., i знакамiтага Адама Ганорыя. Аляксандр, калежскi сакратар, у 1842 г. працаваў у Маскоўскiм праўленнi IV акругi шляхоў зносiн i казённых будынкаў, памёр у Маскве ў 1877 г. Заўважым, што менавiта пры Карале дадзенае адгалiнаванне роду Кiркораў было прызнана ў дваранстве Расейскай iмперыi з аднясеннем да 6-й часткi (18.02.1832 г. Адам Ганоры Кiркор быў далучаны да свайго роду) пастановай Магiлёўскага дваранскага дэпутацкага сходу 30.07.1814 г., а затым зацверджана Сенатам 16.09.1835 г.

Пэўна, самай вялiкай да сённяшняга дня загадкай з’яўляюцца даты нараджэння i хросту сына Караля Адама Ганорыя. I гэта пры тым, што ягоная хросная метрыка ў нашым стагоддзi друкавалася ўжо тры разы. Тут нельга не прыгадаць публiкацыю Я. Янушкевiча ў апошнiм мiнулагоднiм нумары ЛiМа «Тэстамент Адама Кiркора». Але ўсё па парадку. Усе беларускiя энцыклапедычныя выданнi, у тым лiку «Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi» i «Беларускiя пiсьменнiкi» даюць наступную дату нараджэння даследчыка — 21 студзеня 1818 г.

або 1819 г. Я. Янушкевiч у сваiм артыкуле пiша, што Станiслаў Кiркор у кнiзе, прысвечанай Адаму Кiркору «Мiнулае памiрае двойчы: Праўдзiвая аповесць» (Кракаў, 1978), дае дату хросту Адама Ганорыя 14 студзеня 1819 г. У сваёй кнiзе аўтар выражае падзяку шэрагу даследчыкаў, у тым лiку i доктару Малгажаце Стальзман, якая ў 1973 г. надрукавала хросную метрыку Адама Кiркора. Заўважым, што гэты ж аўтар у кнiзе «Кiркоры лiтоўцы», якая выйшла ў 1974 г. у Лондане, дае iншую дату хросту Адама Ганорыя — 18 студзеня 1819 г. Пры гэтым Я. Янушкевiч згадвае, што гэтую хросную метрыку ў 1930 г. надрукаваў даследчык М. Бранштэйн i там таксама дата 14 студзеня 1819 г. У 1996 г. гiсторыкам i археолагам Л. Аляксеевым упершыню была надрукавана хросная метрыка Адама Кiркора ў перакладзе на расейскую мову паводле публiкацыi М. Стальзман. Нам падаецца вартым цалкам прывесцi гэты дакумент. «Двор Сливин былы Мсцiслаўскi павет Магiлёўскай губернi (цяпер Манастыршчынскi раён Смаленскай вобл. — З. Я.) 1819 года, генваря 1-го дня, я, иеромонах Кармелитского ордена, настоятель Мазыкского костела Лука Барщевский, окрестил младенца именем Адам, сына благородных супругов Карла Киркора и матери Тэкли, урожденной Волковичевой (правiльна — Валадковiчавай — З. Я.). Воспреемниками при крещении были г. Адам Голынский с госпожою Фаустиною Статкевичевой... Подписи (ксендза, секретаря, столоначальника)». Нельга выключыць магчымасць элементарнай абдрукоўкi, але ў вынiку мы маем тры даты хросту Адама — 1, 14, 18 студзеня 1819 г.

Выклiкае пэўныя пытаннi i дата нараджэння Адама Ганорыя, прыведзеная ў ягоным тэстаменце, фрагментарна надрукаваная ў матэрыяле Я. Янушкевiча: «1818. Нарадзiўся я снежня 1818 г. у Сьлiвiне Мсцiслаўскага пав. Магiлёўскай губ. з айца Караля i маткi Тэклi з Валадковiчаў...». Рэч у тым, што дата 24 снежня 1818 г. павiнна была быць пададзена па старому стылю (дарэчы, гэта не адзначае аўтар публiкацыi), як гэта было прынята ў Расейскай iмперыi. I дадаўшы да яе 12 дзён, атрымоўваем дату 5 студзеня 1819 г. I яшчэ адна заўвага да перакладу дадзенага дакумента. У беларускай мове слова айцец азначае святар, таму ў дадзеным кантэксце павiнна быць слова бацька.

Аўтару пашанцавала знайсці экстракт (копію) хроснай метрыкі А. Кіркора (гл. ілюстрацыю).

Яна захоўвалася ў фондзе Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі, які налічвае больш за 55 тыс. спраў, пад назвай «Копіі і выпіскі з Метрычных кніг па дэканатах Магілёўскай губерні».

Звычайна ў падобных справах захоўваецца некалькі асобных выпісаў альбо экстракты метрык з некаторых касцёлаў. Таму зразумела, што яна, як і многія іншыя дакументы з няпэўнымі і недакладнымі назвамі не прыцягвала ўвагу даследчыкаў. Варта адзначыць яшчэ адзін вельмі істотны момант, які адштурхоўваў ад дадзенай крыніцы — гэта яе мова — лаціна. Апошнюю невыпадкова называюць «мёртвай». Вось яе пераклад:

Год ад Радства Хрыстова Студзень Год ад Радства Хрыстова тысяча васемсот дзевятнаццаты дня чатырнаццатага студзеня. Я, айцец Лукаш Баршчэўскі, кармеліт куратар двор касцёльнай парафіі Мазыкінскай ахрысціў дзіця і даў імя Адам сыну Адам Слівін бацькоў шляхетнага роду Карла Кіркора і жонкі яго Тэклі з роду Кіркор Валатковічаў. Кумамі былі шляхетны Адам Галынскі і шляхетная Фаустына Галкевічава.

Мяркуючы па тэксту дакумента, гэта, відаць, тая самая копія хроснай метрыкі, якую друкавалі Бранштэйн, Стальзман і Аляксееў. Такім чынам, цяпер мы з поўнай упэўненасцю можам лічыць дату 14 студзеня 1819 г. па старому стылю датай хросту Адама Ганорыя. Адпаведна, па новаму стылю гэта 26 студзеня. Тут нельга не заўважыць яшчэ адну памылку ў перакладзе, надрукаваным Аляксеевым — няправільна расчытанае прозвішча хроснай Адама Кіркора — Фаустыны Галкевічавай. Да гэтага трэба дадаць, што ў арыгінале няма слова «іераманах» у дачыненні да святара Лукаша Баршчэўскага. Адзінае, што яшчэ можна ставіць пад сумненне ў нашым перакладзе, гэта адценні ў зваротах да бацькоў і хросных, напрыклад, шляхетны, ганаровы, уроджаны, пан, пані, паненка, што звязана з лацінскімі скаротамі ў тэксце — MD, GD і інш.

Вось такім чынам выглядае кароткі радавод Адама Ганорыя Кіркора — прадстаўніка старажытнабеларускага шляхецкага роду, складзены на падставе апошніх архіўных пошукаў.











© 2011 www.dissers.ru - «Бесплатная электронная библиотека»

Материалы этого сайта размещены для ознакомления, все права принадлежат их авторам.
Если Вы не согласны с тем, что Ваш материал размещён на этом сайте, пожалуйста, напишите нам, мы в течении 1-2 рабочих дней удалим его.