WWW.DISSERS.RU

БЕСПЛАТНАЯ ЭЛЕКТРОННАЯ БИБЛИОТЕКА

   Добро пожаловать!


Яноўскі, А. А. Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў і БДУ: да пытання аб ролі асобы ў станаўленні адукацыйнай сферы Беларусі / А. А. Яноўскі // Организация самостоятельной работы студентов на факультете вуза:

Материалы междунар. науч.-прак. конф. Минск, 16–17 ноября 2006 г. / Отв. ред. В. В. Сергеенкова. — Мн.:

БГУ, 2006. — С. 73–77 А. А. ЯНОЎСКІ Беларускі дзяржаўны універсітэт АЛЯКСАНДР РЫГОРАВІЧ ЧАРВЯКОЎ І БДУ:

ДА ПЫТАННЯ АБ РОЛІ АСОБЫ Ў СТАНАЎЛЕННІ АДУКАЦЫЙНАЙ СФЕРЫ БЕЛАРУСІ Універсітэт як сваеасаблівая карпарацыя інтэлектуалаў быў усхвалены часам пашыраных делавых і культурных кантактаў, узросшай каштоўнасцю вынікаў разумовай дзейнасці. Вялікую місію Універсітэт з яшчэ большым усеагульным значэннем выконвае ў навейшы час. Уладальнікі універсітэцкіх дыпломаў уваходзяць у эліту грамадства, увасабляюць сабой і сваёй кваліфікацыяй новыя вяршыні чалавечай дзейнасці. І гэта амаль заўсёды ўсведамлялася «власть имущими», якія падтрымлівалі Універсітэт, пагаджаліся на пашэрэнне яго свабод дзеля прырошчвання здабыткаў.

Беларусь, якая на пачатку універсітэцкай гісторыі была адным з еўрапейскіх цэнтраў навукі, асветы і культуры, пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі страціла сваю вышэйшую школу: за універсітэцкай адукацыяй беларуская моладзь вымушана была скіроўвацца за межы радзімы. І далёка не заўсёды яны вярталіся да родных мясцін, каб рэалізаваць свае веды. Таму Беларусь да 1917 г. заставалася без развітога культурна-эканамічнага жыцця. На момант з’яўлення савецкай улады ў Беларусі ідэя стварэння універсітэта даўно наспела і патрабавала неадкладнага вырашэння. Пасля абвяшчэння БССР ЦВК рэспублікі 25 лютага 1919 г. прыняў пастанову аб адкрыцці ў Мінску універсітэта. Але толькі ў красавіку 1921 г. абрысы універсітэта сталі рэальнымі: БДУ быў зацверджаны ў складзе трох факультэтаў.

З пачатку 20-х і да пачатаку 30-х гг. ішла напружаная праца дзяржаўных устаноў і калектыву БДУ па ўвасабленню і ідэі, і практыкі, і прызначэння універсітэта ў дачыненні да савецкіх рэалій і новага ладу жыцця. У той час усё было ўпершыню: наборы студэнтаў, адкрыццё факультэтаў і кафедр, першыя выпускі спецыялістаў, першыя навуковыя таварыствы, камандзіроўкі і экспедыцыі, а таксама гарачыя дыскусіі аб навуковых, адукацыйных і выхаваўчых арыентырах, як і арыентырах палітычных. У Савет БДУ, члены якога абіраліся на агульным сходзе супрацоўнікаў, разам з прафесарамі і выклад- чыкамі ўваходзілі таксама і прадстаўнікі ЦВК, Наркамасветы, Мінгарвыканкама і іншых дзяржаўных устаноў. Першыя факультэты ўзначалілі вядомыя на той час вучоныя, некаторыя з якіх (як, напрыклад, У.

М. Ігнатоўскі) былі членамі ўрада рэспублікі. Ужо на ўзроўні станаўлення БДУ вызначаліся яго сэнс і прызначэнне як амаль што ідэялагічнага фарпоста на самых заходніх межах перамогшага бальшавізма.

Канстатавалася, што стварэнне універсітэта ёсць вельмі патрэбная справа, бо ён будзе садзейнічаць не толькі ўсебаковаму вывучэнню асаблівасцей «края», але і яго «сближению во всех областях с Россией».

Зацверджаны першым рэктарам БДУ вядомы расійскі гісторык У. І. Пічэта не аднойчы адзначаў, што БДУ ў яго станаўленні ўсімі магчымымі сродкамі дапамагалі менавіта вышэйшыя кіраўнікі рэспублікі.

Асаблівую ролю ён у гэтых справах адводзіў Аляксандру Рыгоравічу Чарвякову, які на той час з’яўляўся старшынёй ЦВК і СНК ССРБ [9, с. 138]. Напрыклад, у складаны перыяд, калі голад у Паволжжы амаль поўнасцю абмежаваў дапамогу з боку РСФСР, беларускі ЦВК па ініцыятыве Чарвякова прыняў беспрэцэдэнтнае рашэнне выдзеліць з мясцовага бюджэту на патрэбы універсітэта 40 млрд рублёў [8].

Улады імкнуліся адшукаць грошы не толькі ў казне, але садзейнічалі арганізацыі «кас узаемадапамогі», адчынялі разам з Чырвоным Крыжам і добрачыннымі арганізацыямі бесплатныя студэнцкія сталоўкі, ставілі прафесуру ў чаргу на атрыманне харчовых пайкоў, рабілі амаль немагчымае, каб прадаставіць выкладчыкам прыстойнае жыллё і многае іншае. Пры непасрэдным удзеле старшыні заканадаўчай і выканаўчай улады Беларусі, што само па сабе сімвалічна і шматзначна, была створана і дастаткова эфектыўна стала дзейнічаць БелКУБУ. У пастанове ўрада ад 6 кастрычніка 1922 г. «О Белорусской Комиссии по улучшению быта ученых» адзначалася, што для вырашэння пытанняў забеспячэння жыццядзейнасці вучоных і выкладчыкаў неабходна аб’яднаць намаганні ўсіх наркаматаў рэспублікі.

У першы час у афіцыйных колах панавала кропка погляду аб «общегосударственном» прызначэнні БДУ.

Пад гэтай дэфініцыяй разумелася ўся Расія, неад’емнай часткай якой павінен быў заставацца нейкі яе «белорусский край». У рэвалюцыйнай рыторыцы складана было выдзяляць Беларусь як самастойны суб’ект, адасабляць яе ад зацверджанай амаль на ўзроўні менталітэта агульнарасійскай прыналежнасці. Нават самыя дробныя пытанні маглі вырашацца ў Беларусі толькі пры ўзгадненні з Масквой. У тым ліку і ў справе будаўніцтва універсітэта і ўсей адукацыйнай сферы. І за савецкімі грашыма, і за валютай, і за абсталяваннем для лабараторый і кабінетаў, і за кніжнымі навінамі ў Маскву звярталіся ўсе тыя, хто меў дачынене да універсітэта – яго супрацоўнікі і чыноўнікі наркаматаў. Ехалі, каб атрымаць неабходнае і дапаўняльнае фінан- саванне, узгадніць і атрымаць дазвол на змены факультэцкай структуры ці вучэбных планаў і інш.

Але паступова ў лексіцы і ўлад, і грамадскіх колаў, і прадстаўнікоў інтэлігенцыі ўсё выразней загучалі вызначэнні універсітэта як важнейшага элемента «национального возрождения Белоруссии» [6, с. 23].

Найбольш дзейсным быў у гэтых справах уладны ўзровень. І ён у шматлікіх выпадках увасабляўся асобай Аляксандра Рыгоравіча. Дзьверы яго службовага кабінета заўсёды былі адчынены для тых, хто праяўляў клопаты аб забеспячэнні патрэб універсітэта. А рэктар Пічэта быў у яго амаль што пастаянным наведавальнікам, бо ён як бы генерыраваў шматлікія прапановы і задумы універсітэцкай інтэлігенцыі і выносіў іх на разгляд вышэйшай асобы, добра ведаючы, што яны не застануцца без увагі. Калі сам Чарвякоў не мог аператыўна вырашыць тое ці іншае пытанне, ён даваў указанні тым, у кампетэнцыі каго гэтае пытанне перш за ўсё знаходзілася. Ці то гэта быў яго намеснік Я. А. Адамовіч, ці наркам асветы У. М.

Ігнатоўскі, ці наркам фінансаў С. Я. Талунціс, ці іншыя высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі. Сам Чарвякоў рабіў усё магчымае, каб адшукаць і ў Беларусі, і ў маскоўскіх кабінетах неабходную матэрыяльнафінансавую дапамогу БДУ. Пры гэтым ён кіраваўся рашэннямі СНК и ЦВК па БДУ аб тым, што для універсітэта рэспубліка пакуль што ў поўнай меры не мае «собственных средств», а таму трэба прасіць РСФСР «оказать дружеское содействие» «первому и единственному культурно-просветительскому и научному центру Белорусской Республики» [6, с. 25; 1, с. 390; 2, с. 3].

Аднак нельга лічыць, што кіраўніцтва Беларусі было разгубленым: з самага пачатку універсітэцкага будаўніцтва Чарвякоў даў шэраг дакладных указанняў гаспадарчым органам рабіць усё магчымае па забеспячэнню патрэб БДУ з мясцовых сродкаў. На важнейшых дакументах часцей за ўсё стаіць яго подпіс, ён больш чым іншыя быў упэўнены ў тым, што мясцовыя магчымасці дазваляюць паставіць БДУ «на ногі».

Для Чарвякова як перакананага прыхільніка і змагара за ідэалы камунізму было відавочным і тое, што універсітэт у Беларусі павінен быць беларускім па сутнасці. А такім пабудаваць яго зможа толькі само беларускае грамадства, уся сістэма беларускай савецкай улады. Гэтая перакананасць прадэманстравана ў шматлікіх выступленнях, прывітаннях, запісках Аляксандра Рыгоравіча. Гэтую ідэю і сэнс сваёй дзейнасці на высокіх пасадах ён разумеў у шырокім нацыянальным кантэксце. Таму наркамасветы даручалася будаваць БДУ ў цесным кантакце з аддзеламі народнай асветы Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерній РСФСР. Тым самым на перспектыву вызначалася роля універсітэта як «центрального культурного очага» «для всей этнической Белоруссии», каб стварыць умовы для «объеди- нения смежных губерний» у адзінай дзяржаве. А больш за тое – для «зарубежной Белоруссии» ен павінен быў стаць «центром возрождения» [3, с. 13; 4, с. 194].

Урадавы ўзровень для універсітэта быў вызначальным. Таму аб’ектыўна ў першай справаздачы БДУ па выніках яго дзейнасці за некалькі месяцаў (студзень 1922 г.) было адзначана, што «работа Правления протекала в полном контакте со всеми местными правительственными органами и ни разу не возникало не только недоразумений, но даже шероховатостей». Характэрна, што Чарвякоў вельмі ўважліва аднёсся да вывучэння гэтай справаздачы. На ёй маецца яго рукапісны запіс: «Читал. А. Червяков. Общими усилиями создадим высшую школу, рассадник просвещения в крае… С помощью всех государственных, общественных организаций и при бескорыстной работе отдельных лиц, деятелей края поставленная нам задача будет осуществлена. Эта задача – экономическое и культурное возрождение и развитие Советской Белоруссии в ее экономическо-этнографических границах. 7/III.22.». У гэтых радках выразна гучыць і ўладная ўстаноўка, і адназначнае бачанне нацыянальнай арыентаванасці універсітэта.

Аб той увазе, якую праяўляў Чарвякоў да універсітэцкіх праблем, гаворыць хаця б факт амаль штодзённай справаздачнасці асабіста перад ім усіх тых, хто меў дачыненне да будаўніцтва і забеспячэння БДУ. Было правілам, каб копіі пратаколаў пасяджэнняў Праўлення універсітэта клаліся на стол першай асобы рэспублікі. І як правіла, ён не ігнараваў ні адзін дакумент, аб чым сведчаць шматлікія яго подпісы і заўвагі, кароткія даручэнні, рэзалюцыі па вырашэнню самых розных універсітэцкіх пытанняў. Не было нічога экстраардынарнага ў тым, што Чарвякоў нярэдка наведваў пасяджэнні вучонага Савета БДУ і яго факультэты, асабіста пасцігаючы вастрыню тых ці іншых пытанняў у атмасферы больш чым сціплых універсітэцкіх аудыторый і кабінетаў «Дома № 1 БДУ» [4, с. 64, 121, 164, 188]. Можна лічыць, што ўзвядзенне ў хуткім часе шыкоўнага універсітэцкага гарадка – гэта заслуга перш за ўсё Чарвякова. Няма падстаў вызначаць як нейкую зверхцэнтралізацыю кіравання ці больш за тое – як праяву ўстанаўлення таталітарнай савецкай сістэмы тое, што СНК на сваіх паседжаннях абмяркоўваў і зацвярджаў нават штатныя перамяшчэнні па БДУ – ад прафесара да прыбіральшчыц. Як і тое, што Аляксандр Рыгоравіч асабіста кантраляваў і вызначаў правамернасць закупкі за валюту замежных навуковых і вучэбных выданняў, абсталявання для медыцынскага факультэта і г.д. Гэта былі неабходныя дзеянні не толькі першай асобы, але амаль што самага зацікаўленага і адказнага за канчатковы вынік беларускага патрыёта. Глава беларускага ўрада і заканадаўчай улады ў 20-я гг. не толькі праводзіў у жыццё першасныя ўстаноўкі з Масквы, падпітаныя тэн- дэнцыямі развіцця рэвалюцыйных настрояў на месцах – аб прыарытэце ў нацыянальных рэспубліках сваёй мовы, культуры, кадраў і інш. Але ён быў і сам перакананым прыхільнікам гэтага. Адначасова Чарвякоў не імкнуўся да радыкальных мер па прамому насаджэнню «беларусізацыі», «карэнізацыі» і іх састаўляючых.

Так, ён не мог падтрымаць прызыў некаторай часткі беларускіх студэнтаў – «не желающим белоруссизироваться – не место в БГУ!» [7]. Адзнаку яго ролі даў сам калектыў БДУ, які выказаў «горячее спасибо за огромную работу, проделанную… по созданию и укреплению центрального культурного очага края» [5, с. 14; 4, с. 11, 68–74].

Падсумоўваючы кароткі агляд узаемаадносін паміж першай асобай Беларускай рэспублікі і БДУ, ёсць падставы канстатаваць, што універсітэт змог адбыцца ў асноўных сваіх прызначэннях толькі дзякуючы асаблівай увазе з боку Аляксандра Рыгоравіча. Ён – адзін з тых, хто не толькі добра ўсведамляў высокую місію універсітэта ўвогуле, але асабліва яго місію на беларускай зямлі. І тое, што універсітэт павінен быў стаць не толькі правадніком рэвалюцыйных ідэалаў, але і адным з важнейшых кампанентаў маладой беларускай дзяржаўнасці, забяспечыць яе вышэйшай праявай цівілізацыйнага развіцця ў выглядзе дасканалай і сучаснай сістэмы вышэйшай адукацыі.

ЛІТАРАТУРА 1. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 6. Воп. 1. Спр. 5. Т. 2.

2. Там жа. Ф. 6. Воп. 1. Спр. 6.

3. Там жа. Ф. 6. Воп. 1. Спр. 7.

4. Там жа. Ф. 6. Воп. 1. Спр. 124.

5. Там жа. Ф. 15. Воп. 1. Спр. 28. Т. 2.

6. Там жа. Ф. 93. Воп. 1. Спр. 128.

7. Працаўнік Асьветы. 1928. 17 лістапада.

8. Савецкая Беларусь. 1922. 29 кастрычніка.

9. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.6. Кн. II. Мн., 2003.











© 2011 www.dissers.ru - «Бесплатная электронная библиотека»

Материалы этого сайта размещены для ознакомления, все права принадлежат их авторам.
Если Вы не согласны с тем, что Ваш материал размещён на этом сайте, пожалуйста, напишите нам, мы в течении 1-2 рабочих дней удалим его.