WWW.DISSERS.RU

БЕСПЛАТНАЯ ЭЛЕКТРОННАЯ БИБЛИОТЕКА

   Добро пожаловать!


Іофе, Э.Р. Навуковая спадчына К. І. Кернажыцкага / Э.Р. Іофе // Працы гістарычнага факультэта : навук. зб.

Вып. 1 / рэдкал. : У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БДУ, 2006. — С. 231–236.

Э. Р. IОФЕ НАВУКОВАЯ СПАДЧЫНА К. І. КЕРНАЖЫЦКАГА З гiсторыкаў-беларусаў першай паловы ХХ ст. Канстанцін Кернажыцкi, бадай, адна з самых значных, яскравых постацей. Яго iмя назаўсёды ўвайшло ў гiсторыю беларускай гiстарычнай навукi. Яго працы — важная вяха ў беларускай гiстарыяграфii ХХ ст. Прычым Канстанцін Кернажыцкi пражыў усяго 39 гадоў, у тым лiку на волi — 35 гадоў.

А навуковая дзейнасць гэтага чалавека, не лiчачы вучобы ў БДУ i аспiрантуры, працягвалася ўсяго...

шэсць гадоў. На вялiкi жаль, К. I. Кернажыцкi не дажыў да 40-годдзя, але за сваё кароткае жыццё ён напiсаў каля 20 навуковых прац, у тым лiку фундаментальныя манаграфii, якiя не страцiлi сваёй навуковай каштоўнасцi да нашых дзён.

У 1928 г. была апублiкавана работа К. I. Кернажыцкага «Гаспадарка старостваў на Беларусi i эканамiчны стан iх насельнiцтва ў другой палове ХVIII ст.» [4; 1]. Вучоны выбраў прадметам даследавання некалькi каралеўскiх старостваў i прааналiзаваў асноўныя паказчыкi сялянскай гаспадаркi, якiя адлюстраваны ў iнвентарах гэтых уладанняў. Упершыню ў гiстарыяграфii сацыяльна-эканамiчнага развiцця Беларусi эпохi феадалiзму Кернажыцкi склаў грунтоўныя таблiцы, якiя паслужылi фундаментам для далейшых даследаванняў. Ён прымянiў метад супастаўлення аднародных крынiц па адным i тым жа аб’екце. Такая методыка дала вучонаму магчымасць зрабiць высновы аб паглыбленнi маёмаснай дыферэнцыяцыi сялян у другой палове ХVIII ст., аб блiзкасцi становiшча баяр i зямлян у гэты перыяд.

Адна з ключавых праблем даследавання Кернажыцкага «Гаспадарка старостваў на Беларусi i эканамiчны стан iх насельнiцтва ў другой палове ХVIII cт.» — праблема дыферэнцыяцыi сялянства. На падставе прымянення статыстычнага метаду даследавання ў поўным аб’ёме вучоны раскрыў дынамiку шэрага з’яў i структурныя рысы маёмаснага становiшча беларускага сялянства ў канцы ХVIII — першай палове ХIХ ст.

Аперыруючы вялiкiм лiчбавым матэрыялам, Кернажыцкi, аднак, не прывёў сумарных звестак аб якойнебудзь галiне гаспадаркi памешчыкаў-прыгоннiкаў па ўсёй Беларусi. Таму прыводзiмы iм лiчбавы матэрыял часцей за ўсё носiць iлюстрацыйны характар, г. зн. прадстаўляе падборку дадзеных, якiя характарызуюць абставiны ў асобных памешчыцкiх маёнтках за пэўны прамежак часу. Больш глыбокае выкарыстанне статыстычнага матэрыялу магло быць дасягнута толькi шляхам прыцягнення масавых дадзеных, чаго, на жаль, не меў вучоны.

Эвалюцыйны падыход да даследуемых з’яў пэўна праяўляецца ў працы К. I. Кернажыцкага «Брожаскi ключ 1639—1810 гг. (сацыяльна-эканамiчны нарыс з гiсторыi Бабруйшчыны» [3; 129—197].

Вучоны прыйшоў да высновы, што ў другой палове ХVIII ст. гаспадаркi панскiя, сялянскiя i староствы перажывалi «балючы працэс пераходнага перыяду ў напрамку грашовай гаспадаркi». Гэты працэс суправаджаўся велiзарным збядненнем сялянскiх мас. Арыгiнальны па метаду даследавання артыкул Кернажыцкага даў штуршок для больш глыбокага падыходу да вывучэння сацыяльна-эканамiчных працэсаў.

Аднак навуковая дзейнасць Кернажыцкага праходзiла ў складаных умовах, калi над даследчыкамi вiсела тэорыя «гандлёвага капiталу», адчуваўся недахоп дакументаў аб феадальным маёнтку i сялянскай гаспадарцы. Таму ў рабоце вучонага перапляталiся правiльныя высновы, якiя былi атрыманы на падставе аналiзу дакументаў, i бяздоказныя сцвярджэннi, якiя былi пароджаны прынятай iм схемай. Так, зусiм штучнае сцвярджэнне Кернажыцкага, што арандатары корчмаў з’яўлялiся капiталiстамi таго часу [4; 37], а таксама палажэнне аб «запашаннi дваровай гаспадаркай грашовага капiталу» [4; 84, 91 ]. Вучоны толькi сцвярджае, што ўзрастаўшыя грашовыя прыбыткi маёнтка ператваралiся ў крынiцу пашыранага ўзнаўлення за кошт эксплуатацыi наёмнай працы.

Выкарыстаўшы iнвентарныя апiсаннi 12 феадальных уладанняў, Кернажыцкi вывучыў структуру пасеву з нязначнай удзельнай вагой тэхнiчных культур i выявiў перавод часткi сялян на грашовы чынш, узнiкненне слоя немаёмных-бабылёў, у якiх ён бачыў «сельскi пралетарыят». Вызначыўшы як «балючы працэс пераходу ў напрамку да грашовай гаспадаркi», якi перажывалi ў другой палове ХVIII ст. панская i сялянская гаспадаркi велiкакняжацкiх уладанняў, ён лiчыць, што гэты пераломны працэс, якi быў звязаны з назапашваннем капiталу дваровай (панскай. — Э. I.) гаспадаркай, адбываўся за кошт велiзарнага збяднення сялянскiх мас. Такiм чынам, упершыню было дадзена навуковае тлумачэнне працэсу зараджэння капiталiстычных адносiн у Беларусi.

У той жа час нельга не бачыць iстотных недахопаў у працэсе пошуку Кернажыцкiм рыс капiталiстычнай вытворчасцi ва ўмовах феадалiзму. Гэта аднабаковы падыход даследчыка да высвятлення ўплыву пераводу сялян з натуральнай рэнты на грашовую, бо, не ўлiчваючы значэння рыначных сувязей сялянскiх гаспадарак, памеру грашовай рэнты i iншых фактараў, ён не меў падстаў адмоўна ацэньваць перавод павiннасцей на чынш. Часткова слабыя бакi работы Кернажыцкага можна тлумачыць уплывам тэорыi «гандлёвага капiталу» аб феадальным маёнтку, сялянскай гаспадарцы [7; 77].

Важнай падзеяй у навуковым жыццi Беларусi быў выхад у 1931 г. манаграфii К. I. Кернажыцкага «Аграрная рэформа ў Бабруйскiм старостве i эканамiчнае становiшча яго насельнiцтва з ХVII да палавiны ХIХ стагоддзя. Фармiраванне капiталiзму»[2].

Гэта было першае манаграфiчнае даследаванне па сацыяльна-эканамiчнай гiсторыi Беларусi таго перыяду.

У гэтай кнiзе Кернажыцкi адыходзiць ад раней выказанага iм сцвярджэння аб натуральным характары гаспадаркi на ўсходзе Беларусi i канстатуе iснаванне i пашырэнне ў Бабруйскiм старостве фальваркавай гаспадаркi за кошт сялянскiх зямель, паказвае рост прыгоннiцкага гнёту. Ён лiчыць гэтыя з’явы вынiкам пашырэння таварна-грашовых адносiн.

Манаграфiя К. I. Кернажыцкага «Гаспадарка прыгоннiкаў на Беларусi ў канцы ХVIII — першай палове ХIХ ст. (да праблемы разлажэння феадалiзму ў Беларусi», якая была апублiкавана ў 1935 г., была першым вопытам стварэння абагульняючай працы па гiсторыi гаспадаркi Беларусi з канца ХVIII ст. па 1861 г. Яе аўтар упершыню ў савецкай гiстарыяграфii сацыяльна-эканамiчнага развiцця Беларусi ХVII —ХIХ ст.

прымянiў статыстычны метад даследавання i на яго аснове раскрыў дынамiку шэрага з’яў i структурныя рысы такiх аб’ектаў, як маёмаснае становiшча сялян, забяспечанасць іх рабочай i прадуктыўнай жывёлай.

Дадзеная манаграфiя адрознiваецца не толькi методыкай даследавання, але i агульнай тэарэтычнай пазiцыяй.

У прыватнасцi, К. I. Кернажыцкi, пераадолеўшы тэарэтычныя памылкi школы Пакроўскага, падверг крытыцы тэорыю «гандлёвага капiталу», з iншых пазiцый падышоў да разгляду шэрага пытанняў гiсторыi аграрных адносiн. На аснове аналiзу iнвентару Бабруйскага староства 1639 г., iнвентару староства 1765 г. i iншых гiстарычных крынiц вучоны ўпершыню ў гiстарычнай навуцы глыбока даследуе ход рэформы ва Усходняй Беларусi, дынамiку гаспадаркi i, нарэшце, змены, якiя адбылiся на працягу ахопленага доследам перыяду.

Некаторыя беларускiя гiсторыкi 1920-х гг. сцвярджалi, што кулакоў у Беларусi ўвогуле не было, што беларускi заможны селянiн гэта не тое, што расiйскi «кулак». Важна падкрэслiць, што Кернажыцкi на падставе вывучэння шматлiкiх гiстарычных крынiц прыйшоў да высновы, што «працэс разлажэння феадалiзму i нараджэння капiталiстычнага спосабу вытворчасцi праходзiў у складаных умовах каланiяльнага становiшча Беларусi. Але, нягледзячы на гэта, тут нараджалася нацыянальная буржуазiя i кулацтва.

Сцвярджэнне Iгнатоўскага аб тым, што Беларусь не ведала тыпу кулака-мiраеда, як у Расii, з’яўляецца апалогiяй беларускаму кулацтву. Якраз, наадварот, нараджэнне i развiццё капiталiзму на Беларусi цягне за сабой разарэнне, жаб- рацтва асноўных сялянскiх мас, з якiх ва ўмовах развiваючайся таварнай гаспадаркi пачалi выдзяляцца эксплуататарскiя элементы» [5; 104].

У працах Кернажыцкага антыфеадальная барацьба беларускага сялянства разглядаецца як важнейшая заканамернасць феадальнага грамадства. Ён падкрэслiваў, што «змены ў эканомiцы заўсёды цягнуць за сабой абвастрэнне барацьбы мiж антаганiстычнымi класамi», што «барацьба i рух кiпелi лiтаральна ўсюды i прымалi самыя разнастайныя формы — ад скаргi князю да паўстання з забойствамi прадстаўнiкоў улады».

Кернажыцкi прыходзiць да заключэння, што сялянскi рух, якi пачаўся яшчэ ў палове ХVI ст., разгортваецца вельмi моцна ў канцы стагоддзя i цягнецца праз усё ХVII ст. i далей. На думку вучонага, класавая барацьба, нарастанне новай хвалi сялянскiх паўстанняў ХVIII i ХIХ ст. былi лепшым сведчаннем распаду прыгоннай сiстэмы i нараджэння новых вытворчых адносiн. Кернажыцкi прыйшоў да высновы, што рост эксплуатацыi ў першай палове ХIХ ст. выклiкаў масавыя сялянскiя выступленнi ад пасiўных форм да адкрытых выступленняў. Гэтыя актыўныя выступленнi, лiчыць вучоны, з 30-х гг. ХIХ ст. пачынаюць пашырацца i вылiвацца ў масавыя сялянскiя паўстаннi. Як вядома, буржуазная гiстарыяграфiя спрабавала ў свой час даказаць, што галоўную ролю ў барацьбе з прыгонным правам адыгрывалi лiберальныя памешчыкi. У сувязi з гэтым Кернажыцкi ў сваёй манаграфii «Гаспадарка прыгоннiкаў на Беларусi...» выразна падкрэслiў:

«Сялянства, а не лiберальны памешчык выступае на барацьбу з прыгоннiкам за зямлю i за волю» [5; 131].

У той жа час у iншых даследаваннях К. I. Кернажыцкага не прасочваецца яго выразная метадалагiчная пазiцыя па праблемах класавай барацьбы сялянства ў ХVIII—ХIХ ст. Так, у кнiзе «Аграрная рэформа ў Бабруйскiм старостве i эканамiчнае становiшча яго насельнiцтва з ХVII да палавіны ХIХ ст.» асветлены ўсе формы супрацiўлення сялян узмацненню феадальнага гнёту, аднак не высветлены прычыны перавагi тых цi iншых форм класавай барацьбы ў розныя перыяды развiцця феадальнага грамадства.

Важнейшым праблемам сацыяльна-эканамiчнага i палiтычнага развiцця Беларусi ў эпоху капiталiзму прысвечаны даследаваннi Кернажыцкага «Да гiсторыi аграрнага руху на Беларусi перад iмперыялiстычнай вайной» (1932) i «Старонка з гiсторыi рабочага руху часоў iмперыялiстычнай вайны» (1932).

У кнiзе «Да гiсторыi аграрнага руху...» вучоны разглядае аграрныя адносiны пераважна ў Мiнскай, Вiцебскай, Магiлёўскай губернях, у асноўным на пачатку ХХ ст., а таксама развiццё капiталiзму пры захаваннi рэшткаў прыгоннага права ў беларускай вёсцы.

Кернажыцкi прыйшоў да важнай высновы, што панскае землеўладанне «панавала да самай рэвалюцыi...

душыла сялянскiя масы i затрымлiвала капiталiстычнае развiццё...» [6; 29]. Нельга не згадзiцца з вучоным, што купля зямлi сялянамi — гэта адзiн з бакоў развiцця капiталiстычных адносiн у сельскай гаспадарцы, з’ява, якая гаворыць аб росце сялянскай буржуазii.

Аналiзуючы такую форму зямельных адносiн, як арэнда панскай зямлi, Кернажыцкi правiльна адзначае істотнае пашырэнне сялянскай кабальнай, «галоднай» i капiталiстычнай зямельнай арэнды на Беларусi ў канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. [6; 26—28, 32]. На падставе глыбокага i ўсебаковага вывучэння дадзеных аб павелiчэннi сялянскiх грашовых укладаў у дзяржаўных ашчадных касах, размеркаваннi надзельнай зямлi, рабочай i прадуктыўнай жывёлы, машын i палепшаных прылад па сацыяльных групах сялянства, павелiчэннi куплi зямлi сялянамi вучоны робiць слушную выснову аб росце сялянскай буржуазii i пралетарызацыi асноўнай масы беларускага сялянства. Не трэба забываць, што гэта прынцыповая праблема класавай палярызацыi беларускай вёскi да сённяшняга часу неадназначна раскрываецца айчыннымi i замежнымi даследчыкамi.

У сваёй працы «Да гiсторыi аграрнага руху на Беларусi перад iмперыялiстычнай вайной» Кернажыцкi прыйшоў да заключэння, што капiталiстычныя адносiны былi больш развiты ў гаспадарках сярэднiх памераў (велiчынёй у 200—500 дзесяцiн), а не ў буйных маёнтках. Гэтая выснова была зроблена iм пасля аналiзу статыстычных звестак аб суадносiнах зямельных угоддзяў i пасеваў асноўных культур панскiх маёнткаў [6;

28]. Прынцыповае значэнне мае вывад Кернажыцкага аб тым, што ўвесь перыяд развiцця сельскай гаспадаркi Беларусi 1861—1917 гг. быў эпохай барацьбы памiж прускiм i амерыканскiм шляхамi капiталiстычнага развiцця сельскай гаспадаркi [6; 69, 86].

Ацэньваючы погляды К. I. Кернажыцкага з пазiцый сённяшняга ўзроўню развiцця гiстарычнай навукi, трэба адзначыць памылковасць некаторых з iх, няпоўнае асвятленне асобных праблем, а таксама тое, што з шэрагам высноў вучонага нельга пагадзiцца.

Але не трэба забываць, што дадзеная манаграфiя Кернажыцкага была першай па дадзенай праблеме i ў параўнаннi з яго папярэднiкамi вучоны зрабiў iстотны ўклад у гiсторыю аграрных адносiн на Беларусi ў 1861—1917 гг.

Кернажыцкi быў iнiцыятарам выдання i адным са складальнiкаў вельмi карыснай для даследчыкаў кнiгi «Гiсторыя Беларусi ў дакументах i матэрыялах» (IХ—ХVIII ст.), т. 1., якая выйшла ў свет у 1936 г.

Навуковая спадчына К. I. Кернажыцкага высока ацэньваецца сучаснымi беларускiмi гiсторыкамi.

Вядомы даследчык гiсторыi Беларусi эпохi капiталiзму В. П. Панюцiч адзначыў: «Нягледзячы на надзвычай складаныя, цяжкiя маральна-палiтычныя абставiны 30-х гадоў (ХХ ст. — Э. I.), недастатковую крынiцазнаўчую базу, што мелася тады ў распараджэннi даследчыка, ён, працуючы кароткi час, унёс важкi ўклад у вывучэнне аграрнай гiсторыi беларускага народа познафеадальнай i капiталiстычнай эпох» [8; 6].

Можна смела сказаць, што ў дасягненнях беларускай гiстарычнай навукi ёсць i доля працы Канстанцiна Iванавiча Кернажыцкага.

ЛІТАРАТУРА 1. Достижения исторической науки в БССР за 60 лет. Мн., 1979.

2. Кернажыцкi, К. I. Аграрная рэформа ў Бабруйскiм старостве i эканамiчнае становiшча яго насельнiцтва з ХVII да палавiны ХIХ ст. (Фармiраванне капiталiзму) / К. I. Кернажыцкi. Мн., 1931.

3. Кернажыцкi, К. I. Брожаскi ключ 1639—1810 гг. (Сацыяльна-эканамiчны нарыс з гiсторыi фальварка на Бабруйшчыне) / К. I. Кернажыцкi // Зап. аддз. гуманiт. навук (БелАН). Т. 3. Кн. 8. Мн., 1929.

4. Кернажыцкi, К. I. Гаспадарка старостваў на Беларусi i эканамiчны стан iх насельнiцтва ў другой палове ХVIII ст. / К. I. Кернажыцкi // Зап. аддз. гуманiт. навук (Iнстытут бел. культуры). Кн. 3: Працы клясы гiст. Т. 2. Мн., 1928.

5. Кернажыцкi, К. I. Гаспадарка прыгоннiкаў на Беларусi ў канцы ХVIII — першай палове ХIХ ст. (Да праблемы разлажэння феадалiзму ў Беларусi) / К. I. Кернажыцкi. Мн., 1935.

6. Кернажыцкi, К. I. Да гiсторыi аграрнага руху на Беларусi перад iмперыялiстычнай вайной / К. I. Кернажыцкi. Мн.,1932.

7. Копысский, З. Ю. Историография БССР. Эпоха феодализма / З. Ю. Копысский, В. В. Чепко. Мн., 1986.

8. Панюцiч, В. На парэформеннай Беларусi развiццё аграрнага руху мела капiталiстычны характар / В. Панюцiч // Навiны Беларускай Акадэмii. 1992. 27 лiстап. С. 6.











© 2011 www.dissers.ru - «Бесплатная электронная библиотека»

Материалы этого сайта размещены для ознакомления, все права принадлежат их авторам.
Если Вы не согласны с тем, что Ваш материал размещён на этом сайте, пожалуйста, напишите нам, мы в течении 1-2 рабочих дней удалим его.